Абяцанкі-цацанкі, дурню радаць

Андэрс Фог Расмусэн заявіў у інтэрвью, што на спробы Расіі задушыць магчымую рэвалюцыю ў Беларусі Захад можа адрэагаваць “больш жорстка”.

Магчыма, у кагосьці такія словы выклічуць спадзяванні аб тым што “Захад нам дапаможа”, што ЗША і Еўропа – нашыя лепшыя саюзнікі супраць Рускага міру, на якіх заўсёды можна пакласціся, што “галоўнае ўвязацца ў бойку а там паглядзім” (с). Магчыма сам Расмусэн хацеў такім выказваннем альбо падняць каціроўкі знешняй палітыкі Захаду, паказаць кулакі, альбо прыбадзёрыць беларускую апазіцыю.

Аднак гэтыя абяцанкі не маюць пад сабой ніякага грунту. І вось чаму:

1. Захаду не патрэбныя рэвалюцыі ў Беларусі. Патрэбны заслон ад мігрантаў і ад таго што ідзе з РФ.
2. Захаду не патрэбная раскачка сітуацыі тут. Лепш храновы, але стабільны і прадказальны лідар які, аднак, не ставіць тут расійскую базу, чым нестабільнасць, на хвалі якой прыход расійскага стаўленніка вельмі верагодны.
3. Захад, прынамсі, ЗША, відавочна паверыў у тое, што Лукашэнка грае “самастойную гульню”. І пад гэтую веру адаптаваў сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі: амаль спыніла фінансаванне апазіцыі, устрымліваецца ад жорсткай крытыкі на адрас, талеруе рэпрэсіі. Ну а тое што ЕС будзе ісці ў фарватары, думаю, сумневаў не выклікае.

Выказванне Расмусэна нерэлевантнае. Увогуле, фраза: “Я спадзяюся на паступовае палітычнае развіццё і паступовую лібералізацыю беларускага грамадства” вычарпальна кажа аб узроўні ягонага разумення беларускіх рэалій…

Гэта я пра што. Нашай традыцыйнай апазіцыі, якая дзесяцігоддзямі пажырала міліёны даляраў на “дэмакратыю ў Беларусі”, палітычным лідарам, якія мяркуюць што амерыканцы пасадзяць іх на трон, зараз можна ні на што не спадзявацца. Тыя хто хоча перамен зараз будуць, як 100 год таму, працаваць самастойна, наўпрост з народам. За свае грошы, ва ўмовах няспынных рэпрэсій, прабіваючыся праз забарону ўсяго мала-мальскі пратэстнага на падставе законаў аб экстрэмізме, татальнае сачэнне і апатычнасць грамадства. І тых, хто будзе гатовы змагаца такім чынам, будзе вельмі няшмат.

Але аб гэтым напішу асобны пост.